Правілы бяспекі

Правілы паводзін пры кантакце з жывёламі.
Як паводзіць сябе пры сустрэчы з дзікімі жывёламі?

  • Не панікуйце і не рабіце рэзкіх рухаў. Не ўцякайце – у жывёлы можа ўключыцца паляўнічы інстынкт, і яна пагоніцца за вамі. Лепш застыць на месцы.

  • Не глядзіце дзікай жывёле ў вочы, лепш глядзець на шыю або на корпус, толькі не ў вочы.

  • Калі дзікая жывёла вас не заўважыла, не выдавайце сябе гукам і акуратна адыдзіце далей.

  • Калі жывёла заўважыла вас, але не праяўляе агрэсіі, спыніцеся і без рэзкіх рухаў адыходзьце назад. Не паварочвайцеся да жывёлы спінаю, пакуль не адыдзеце хаця б на 10 метраў (бяспечнай лічыцца адлегласць паміж жывёлай і чалавекам у 70-80 метраў).

  • Пры яўна агрэсіўных паводзінах выкарыстоўвайце ў якасці абароны агонь альбо шум: крычыце, свісціце, грукайце палкай па дрэве. Для выратавання можна залезці на дрэва або зайсці ў ваду.

Правіла бяспекі пры сустрэчы са змяёй.

Змяя ніколі не нападае сама і не пераследуе чалавека, нават калі яна раздражнёная. Тады яна шыпіць і робіць выпады, нібы “клюе” у бок пагрозы. Змяя кусае толькі калі чалавек на яе наступіць або схопіць рукой..

Таму пры сустрэчы са змяёй застыньце, дайце ёй магчымасць упаўзці. Калі змяя прыняла пагрозлівую позу, нетаропка адступіце без рэзкіх рухаў, якія могуць яе напалохаць.

Памятайце, што небяспечная тая змяя, якую вы не бачыце. Выяўленая змяя ўяўляе сабой мінімальную пагрозу.

Не ўцякайце ад сустрэтай змяі – ёсць небяспека наступіць на іншую змяю, якую вы не заўважылі.

Не выстаўляйце рукі наперад і не паварочвайцеся да змяі спінаю. Захоўвайце спакой у рашэннях, рухах і жэстах.

Дзеянні пры змяіным укусе:

Пацярпеламу неабходна забяспечыць поўны спакой, абільнае пітво і як мага хутчэй звярнуцца да доктара (выклікаць хуткую дапамогу). Не варта прыпякаць або разразаць ранку, высмоктваць атруту. Каб прыпыніць распаўсюд атруты, абмяжуйце рухавасць пацярпелага. На ранку накладзіце стэрыльную павязку. Неадкладна звярніцеся па медыцынскую дапамогу.

Як абараніцца ад кляшчоў

Кляшчы жывуць ў траве або хмызняку і з’яўляюцца пераносчыкамі шэрагу хваробаў. Лепшая прафілактыка ўкусаў – гэта закрытае адзенне і выкарыстанне рэпелентаў. Клешч не здатны пракусіць адзенне. А вось калі ён апынаецца непасрэдна на целе, то імкнецца знайсці месца з тонкай скурай і прышпіліцца. Укус кляшча практычна не адчуваецца. Таму рэкамендуецца пад час прагулкі рэгулярна аглядаць сябе і іншых, каб не даць кляшчам прышпіліцца. Па вяртанні ўважліва агледзьце сябе, звяртаючы ўвагу на згібы локцяў і пад каленямі, скуру за вушамі, на вісках і затылку, а таксама валасістую частку галавы.

Меры перасцярогі:

  • Выбірайце для прагулак закрытае адзенне і абутак, шкарпэткі з плотнай гумкай, абараняйце галаву хусткай або зацягнутым капюшонам. Штаны па магчымасці запраўляйце ў абутак.

  • Не варта заносіць у памяшканне толькі што сабраныя кветкі, галінкі ды іншыя прадметы, на якіх могуць апынуцца кляшчы.

  • Калі вы знайшлі на целе кляшча, дастаньце яго самастойна альбо пры дапамозе медыка. Калі клешч не аддзяляецца, яго трэба зафіксаваць за галоўку ніткай або пінцэтам і марудна выкруціць супраць хода гадзіннікавай стрэлкі (затым кляшча можн аадправіць на даследванне). Галоўнае – не раздавіць кляшча. Адразу пасля ўкуса звярніцеся да доктара, які прызначыць лекі для прафілактыкі заражэння.

Рэспубліка Беларусь, Магілёўская вобласць, Асіповіцкі раён, Свіслачскі с/с, 2 км. бліз вёскі Паліцкае
N:53°29'51.2 E:28°56'32.5
+375 22 356 12 32
+375 29 640-16-52
Напісаць нам